Кіданкі — смутныя сялянскія жарты, байкі ды показкі
Пасля летняга адпачынку маю намер адысці ад нудных кансультацыйных парад і распавесці некалькі так званых кіданак — смутных сялянскіх жартаў ды баяк.
Пасля летняга адпачынку маю намер адысці ад нудных кансультацыйных парад і распавесці некалькі так званых кіданак — смутных сялянскіх жартаў ды баяк.
Кіданкі гэтыя назбіраліся самi сабой.
Усе яны — праўдзівыя гісторыі, што адбыліся ў даўнія, як у нас кажуць — «за тыма саветамі», часы, пачутыя ад розных людзей: ад маці маёй Валянціны Ціханаўны, цёткі Антолі, дзядзькі Лукаша ды іншых — вельмі дарагіх і паважаных землякоў ды проста знаёмых.
Чаму назва такая дзіўная — «кіданкі»?
А ўсё проста. Пад Падароскам і цяпер можна пачуць: «Як жывеш, браток?» А ў адказ: «Дык нічога — кідаемся яшчэ!»
А пачну я з кіданкі «Адкуль Жэшкі на Гарадзеншчыне вядуцца?», пачутай па сакрэту ад аднаго са сваякоў і пацверджанай аўтарытэтам старэйшых, што згодна ківалі галавамі ў час аповяду: маўляў, праўда, чысцюткая праўда…
Даўно справа адбылася. У мясцовага пана Ўладычанскага быў вельмі разумны паляўнічы сабака. Аднойчы запрасілі нашага пана на вялікае паляванне аж недзе на Палесчыну. А там мясцовы ўладар так захапіўся розумам, вывучкай ды паляўнічымі здольнасцямі сабакі пана Ўладычанскага, што прапанаваў за яго вялікія грошы, каня і нават аднаго з сваіх лепшых прыгонных сялян — Жэшку.
Пан Ўладычанскі выбраў Жэшку, бо меў і грошы, і ўласных коней ладных, а вось Жэшак у яго не было.
Так і з’явіліся Жэшкі на Гарадзеншчыне.
А хто да сёняшняга часу думаў, што Жэшкі вядуцца ад князёў з графьямі, той шчыра памыляўся.
Кіданка другая: «Пята дзядзькі Ёзіка»
Раней людзі былі значна бліжэй да зямлі, чым сёння. З гэтай ці з іншай нагоды, толькі басанож хадзілі ад ранняй вясны да самых халадоў. І ничога сабе: і хварэлі мала, і боты цалейшымі захоўваліся.
Але вернемся да справы.
Прыйшоў неяк дзядзька Ёзік (яшчэ вельмі жвавы чалавек гадоў пад шэсцьдзясят) у кузню да каваля Міхася Міхальчыка з нейкай сялянскай патрэбай. Стаіць сабе, перамінаецца з нагі на нагу ды чакае, калі каваль адхопіцца ад гарна і звярне на яго ўвагу.
Раптоўна адчуў дзядзька Ёзік смярдзючы пах нечага гарэлага і звяртаецца да каваля:
«Міхась, нешта гарыць у цябе ў кузні!»
Міхась аглядзеўся і бачыць: дзядзька Ёзік голай пятой наступіў на раскалёны лямех, ад якога і ідзе едкі дым.
«Ёзік, — крыкнуў ён, — гэта ж твая пята гарыць!»
«Але гарыць», — убачыўшы, адкуль ідзе дым, пагадзіўся дзядзька Ёзік, нават не паварушыўшыся.
За доўгія гады жыцця натупаў дзядзька Ёзік такую тоўстую скуру на назе, што стала яна таўшчэй за падашву ў яловых ботах.
Кіданка трэццяя: «Як дзед Ціхан у калгас уступаў»
Усталяваліся саветы на маёй малай радзіме і пачалі калгасы ствараць. А людзі ж, вядомая справа, «цёмныя і несвядомыя», у калгасы запісвацца не спяшаюцца.
Тады актывісты сабралі ўсіх гаспадароў-мужчын нібыта на сход, а самыя дзверы зачынілі ды ахову прыставілі і так людзей трымалі. Дахаты адпускалі толькі праз падпісаную заяву.
На другія суткі большасць была ўжо калгаснікамі, а на трэцція — амаль усе. Адзінаасобнікамі засталіся толькі тыя, каму жанкі неяк змаглі тую-сюю ежу праз адчыненае акенца перадаць. А так як мой дзед Ціхан быў далёка ад акна, дык и калгаснікам стаў разам з большасцю…
Як бачыце, дзякуй Богу, нікога да сценкі не ставілі, але і выбар заставаўся небагаты: гэта і ёсць яскравы абразчык «дабравольна- прымусовага» падыхода да вырашэння сваіх пытанняў бальшавікамі.
Кіданка чацвертая: «Дзядзька Міша — удалы гандляр»
Дзядзька Міша — былы партызан, па тых мерках добра адукаваны (меў ці тры, ці нават чатыры класы), адразу пасля вайны займаў на вёсцы адказныя пасады: старшыні калгаса, дырэктара лесапільні. Ўрэшце-рэшт апынуўся загадчыкам вясковай крамы — так званага «сельмага». Падначаленых у яго не было. Быў ён і прадаўцом, і загадчыкам у адной асобе.
Хто памятае тыя часы, ведае, што на вёсцы загадчык крамы — першы чалавек: і «на вэксаль» дасць і, калі трэба, ўначы краму адчыніць, і якога дэфіцыту адпусціць…
Неўзабаве «загойдалася крэсла» загадчыка ў дзядзькі Мішы: прафтэхвучылішча пачалі рыхтаваць сапраўдных прадаўцоў для вясковых крамаў.
Але ў дзядзькі Мішы былі свае людзі ў раёне: сваечасова паведамілі, што будзе сур’ёзная праверка, лічы — атэстацыя на прафпрыдатнасць.
Загадзя дзядзька Міша пачаў рыхтавацца да гэтай «халеры» (у сэнсе — праверкі): павыкладаў тавары, цэннікі напісаў, прыбраў у краме, нават дэфіцытную на той час грыку выставіў (сябры з раёну падкінулі). Сядзіць сабе і чакае на тую праверку…
А тут цётка Гандзя надыйшла і, убачыўшы грыку, пытае: «Зваж мне, дзядзька Міша, грыкі два кілі».
На што дзядзька Міша, нічога не кажучы, бярэ і насыпае ей макароны (грыка была таварам дэфіцытным, было яе мала і прадаць яе да праверкі ніяк было немагчыма).
«Што ты робіш, Міша? — заляментавала Гандзя, — я ж пытала грыкі!»
«Не парве цябе і ад макарон», — быў адказ былога ваякі і пакуль што загадчыка.
Кіданка пятая: “На вяселлі»
Вяселле што ў той пасляваенны час, што сёння — справа надзвычай адказная. Трэба гасцей задаволіць, каб не абгаворвалі потым. Ды й задаволенныя госці падораць болей — таксама праўда!
З гэтае нагоды прыйшлося нават з цяляткам разлучыцца, каб стол накрыць.
У самы разгар вяселля гаспадыня ўвіхаецца каля гасцей і прапаноўвае: «Лёгкае, лёгкае ешце, госцікі дарагія!»
На што тыя госцікі адказваюць:
«А, нічога, не турбуйцеся — нам і мяса з каўбасой не цяжкія!»