Пра Старасць і Мудрасць

Нібыта гэтыя дзве шаноўныя «кабеты» павінныя хадзіць параю і згодна, таму што калі асоба пражыла доўгае і цікавае жыццё, то гэтае жыццё павіннае асобу адукаваць, зрабіць шляхетнаю і дасканалаю, і нават тыя шматлікія цяжкасці, каторыя чалавеку трапляліся на жыццёвай дарозе, загартоўвалі яго і рабілі моцным і лепшым. Праходзіць-пралятае лёгкая і шчаслівая маладосць, так, але на змену ёй паволі прыходзіць разам з пенсіонным пасведчаннем заслужаная мудрая старасць.

Нібыта гэтыя дзве шаноўныя «кабеты» павінныя хадзіць параю і згодна, таму што калі асоба пражыла доўгае і цікавае жыццё, то гэтае жыццё павіннае асобу адукаваць, зрабіць шляхетнаю і дасканалаю, і нават тыя шматлікія цяжкасці, каторыя чалавеку трапляліся на жыццёвай дарозе, загартоўвалі яго і рабілі моцным і лепшым. Праходзіць-пралятае лёгкая і шчаслівая маладосць, так, але на змену ёй паволі прыходзіць разам з пенсіонным пасведчаннем заслужаная мудрая старасць.

Са старымі разумнымі людзьмі вельмі лёгка і прыемна гаворыцца, ад іх многа можна і навучыцца, і пачуць, іх не падмане ніхто — цяжка падмануць чалавека, які жыў сваім розумам жыццё і столькі бачыў. А ўжо колькі ён чуў абяцанак пра розныя дасканалыя сацыяльныя сістэмы, ў якіх яму так і не прыйшлося працаваць па здольнасцях ,а атрымоўваць па запатрабаваннях, колькі ён нанасіўся партрэтаў у руках на дэманстрацыях і напляскаўся у далоні на мітынгах, натачыў гаек і наслесарыў… Таму такія людзі заўсёды бываюць трохі іранічныя, трохі хітраватыя, трохі нават цынічныя, але тым не менш яны маюць на гэта права. Яны выдатныя аналітыкі, яны, калі чытаюць газеты ці глядзяць тэлевізар, то не ўсяму вераць, а нікаторыя з іх па старой звычцы пакручваюць увечары абшэрганую ручку транзістарнага прыёмніка і шукаюць «варожыя галасы», каб болей пачуць, і даведацца, і атрымаць поўную карціну здарэння…

Гэта я гавару пра старых і мудрых людзей. Я ведаю такіх людзей, яны не звяліся, яны ёсць, яны былі і заўсёды будуць, іншая справа, што іх катастрафічна мала, і яны амаль губляюцца ў агульным натоўпе, знайсці іх — тое самае, што патрапіць на сармацкае кадзіла ў Замкавым лесе пад Ваўкавыскам.

Асноўная маса пажылых людзей сёння, на жаль, болей нагадвае малаарганізаваную горбу дзяцей ва ўзросце дашкольным, толькі гэтыя дзеці занадта стараваценька выглядаюць, па-рознаму апранутыя, а пра што яны паміж сабою дыскутуюць — ну зусім, не раўнуючы, як дзеці.

Зайдзіце ў вагон любога дызель-цягніка, прысядзьце ў сярэдзіне на лаўку, праедзцеся да якіх Мастоў ці Парэчча і паслухайце, калі вам цікава, пра што старыя людзі гавораць…

Вось адзін дзядуля на поўным сур’ёзе распавядае другому дзядулі зьмест раздзела падручніка па гісторыі новага часу, размова ідзе аднабаковая і ў асноўным пра Напалеона і паход на Маскву. Ну, гэта яшчэ куды ні ішло…

Вось бабуленька, сівая і мілая, расказвае другім бабулькам пра нейкі цудадзейны рацэпт ні то ад раку, ні то ад гемарою, і ён такі просты і даступны — як гэта дактары да гэтых пор не дадумаліся лячыць адначасова рак і гемарой чорнаю рэдзькаю, настоенаю на чыстым спірытусе!

Вось сядзяць двое дзядоў, едучых з грыбоў. Яны цяжка сапуць, маўчаць палову дарогі, відаць, хадзілі па лесе доўга, стаміліся, а назбіралі мала, раптам праз аднаго з дзядоў як маланка праходзіць, ён ажыўляецца і заяўляе другому: «Нет, без расійскай нефці мы не пражывём!» Гэта трэба было паўдня пацёгацца па лесе, каб такая думка наведала галаву!

А вось нейкая кабеціна пераказвае сваім суседкам афіцыйную тэлевізійную версію здарэнняў ва Ўкраіне. Божа, з якой злосьцю і апантанасцю яна гэта робіць, як яна ненавідзіць бандэраўцаў і паліцаяў, аж сліна з рота на ўсіх ляціць, а сама яна страшная, бяззубая, няпрычэсаная, нібыта з труны паднятая! А ўжо неверагодныя небыліцы расказвае — вар’яту такія рэчы ў голаву не прыдуць ці алкаголіку! Аднак суседкі яе, прыблізна такога ж выгляду і веку, згодна ківаюць галовамі і нібыта вераць кожнаму слову!

Але самая асноўная тэма, на якую проста ўсе гавораць, — гэта ежа і ўсё з ёй звязанае: дзе што танна можна купіць, якія сасіскі лепшыя, як з кількі ці салакі зрабіць рагу, што учора выкінулі на Траецкай, а што на Брыкеля, чаму няма свініны ў крамах і калі яна з’явіцца…

Размова ідзе роўна, часам можа са спакойнай гутаркі перайсці ў спрэчку, нават у дыспут, тады усхваляваныя старыя пачынаюць крычаць, крыўдзяцца, махаюць рукамі і нэрвуюцца да той пары, пакуль машыніст нарэшце не перарве гэтую «ідылію», аб’яўляючы, што цягнік прыбыў да канцавой станцыі.

Бедныя старыя людзі хапаюць свае заплечнікі, вёдры, сумкі, саджанцы, капачкі і граблі ды, прыкульгваючы, бягуць на выхад, да сваіх дачаў, градаў і гародаў…

Дзе тут успомніш пра старасць, калі вясна на двары, а не пасадзіш калі вясною — то нічога не збярэш увосень, якая мудрасць, калі за работаю, не разгінаючыся, чалавек цэлае жыццё свету не бачыць, ні тое што лішні раз кнігу можа ў руках патрымаць. І так кожны год, і перадыху аніякага няма і не прадбачыцца!

І успамінаецца мне такая карціна, бачаная ў Заходней Германіі гадоў пятнаццаць таму.

Глыбокая нямецкая правінцыя, маленькі старажытны гарадок, ці то Марбург, ці то Грабэн, дамы як з перніка, крытыя чарапіцай, лета, бераг рачулкі, лавачкі, на лавачках парамі сядзяць, апранутыя ва ўсё белае, стэрыльныя нямецкія турысты-пенсіянеры, дзядкі і бабулькі, чалавек з трыццаць, і чынна спажываюць традыцыйныя бутэрброды, запіваючы кока-колай…